РАНІШНІЯ МАЛІТВЫ

С.: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. У.: Амэн.
С.: Ойча Спрадвечны! У.: У лучнасці з інтэнцыямі Твайго Сына Езуса Хрыста, ажыўленыя моцай Духа Святога, прызываючы заступніцтва Багародзіцы Дзевы Марыі, св. Паўла, Апекуна нашага Ордэна і ўсіх святых, ахвяруем Табе ўсе думкі, словы і ўчынкі сённяшняга дня, на большую хвалу Тваю, наша асвячэнне і збаўленне свету.

С.: Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі,  У.: І зачала ад Духа Святога.

С.: Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. У.: Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

С.: Вось я, слуга Панская, У.: Няхай мне станецца паводле Твайго слова.

С.: Вітай, Марыя.

С.: А Слова сталася целам. У.: І пасялілася між намі.

С.: Вітай, Марыя.

С.: Маліся за нас, Святая Багародзіца, У.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Божа, просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы Тваю ласку, каб мы, пазнаўшы праз анёльскае звеставанне ўцелаўленне Хрыста, Твайго Сына, праз муку Яго і крыж былі даведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С.: Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. У.: Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
С.: Вечны адпачынак дай ім, Пане, У.: А святло вечнае няхай ім свеціць. С.: Няхай адпачываюць у супакоі. У.: Амэн.

У Велікодны перыяд замест малітвы Анёл Панскі чытаецца малітва Уладарка неба:
С.: Уладарка неба, усцешся, аллелюя. У.: Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя, Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя. Богу за нас маліся, аллелюя.
С.: Весяліся і радуйся, Панна Марыя, аллелюя, У.: Бо ўваскрос Пан праўдзіва, аллелюя.
Молімся: Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага.
У.: Амэн.

С.: Радуйся, Багародзіца, У.: Панна Беззаганная. Радуйся, якая ад Анёла атрымала радасць. Радуйся, бо нарадзіла Ты Яснасць Вечнага святла. Радуйся, Маці. Радуйся, святая Багародзіца. Ты адзіная Маці некранутая, Цябе хваліць усё стварэнне, Маці Святла! Просім, будзь для нас заўсёды Заступніцай у Пана Езуса Хрыста.

У перыяд Вялікага Посту:
С.: Вітай нам, Багародзіца Марыя!
У.: Ты ў святым дзявочым улонні агарнула Неагарнёнага. Дзякуючы Табе праслаўляем Святую Тройцу, дзякуючы Табе радуюцца анёлы і арханёлы, дзякуючы Табе бягуць злыя духі, дзякуючы Табе народы звяртаюцца да пакуты. Дзякуючы Табе Адзінародны Божы Сын заяснеў як Святло тым, „што жывуць ў змроку і цені смерці”, дзякуючы Табе апосталы прапаведвалі збаўленне народам, дзякуючы Табе валадараць каралі праз Святую Троіцу.

С.: У кожнай цяжкасці і трывозе нашай.  У.: Прыйдзі нам на дапамогу, Найлітасцівейшая Панна Марыя.
Молімся: Пане Божа Ўсемагутны, Ты нас прывёў да пачатку сённяшняга дня, захавай нас ад усялякага граху і ўчыні, каб нашыя думкі, словы і ўчынкі згаджаліся з Тваёй воляй. Праз Хрыста, Пана нашага.
У.: Амэн.

С.: Анёле Божы,
У.: Ахоўнік мой, дабрынёю Божай даручанага тваёй апецы, мяне сёння асвячай, сцеражы і мною кіруй. Амэн.

 Малітвы перад і пасля разважання
Перад разважаннем:
С.: Прыйдзі, Дух Святы,  У.: Напоўні сэрцы Тваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові.
С.: Спашлі Духа Твайго і паўстане жыццё.  У.: І адновіш аблічча зямлі.
Молімся: Божа, Ты павучыў сэрцы верных святлом Духа Святога, дай нам у гэтым жа Духу пазнаць, што сапраўднае, і Яго пацехай заўсёды радавацца. Праз Хрыста, Пана нашага.
У.: Амэн.

С.: Каралева Пустэльнікаў.  У.: Маліся за нас.

С.: Маці нашага Ордэна.  У.: Маліся за нас.

Пасля разважання:
С.: Тваёй абароне аддаемся, У.: Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная. О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.

 

 

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2022 Ордэн Паўлінаў у Беларусі