ГІСТОРЫЯ касцёла УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

Першы драўляны касцёл у Гомелі быў пабудаваны ў 1631 г. па рашэнні караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Верагодна, храм называўся ў гонар святога Казіміра. Гэты касцёл, перажыўшы казацкія нашэсці, згарэў 2 верасня 1737 г.

Новы касцёл пад тытулам Нараджэння Панны Марыі быў пабудаваны гомельскім плябанам ксяндзом Хаціцкім (верагодна, на месцы старога, у самым пачатку Спаскай вуліцы і стромы да ракі Сож). 25 сакавіка 1768 г., на свята Звеставання, касцёл кансэкраваў Фелікс Тавянскі, які ў 1766-1782 гг. быў біскупам суфраганам Беларускім.

У 1819 г. драўляны касцёл быў ужо нахілены, дах дзіравы і два акны разбітыя бурай. Будынак патрабаваў неадкладнага рамонту, але яго не рабілі, бо коштам графа Румянцава пабудавалі новы мураваны касцёл, які быў пакрыты жалезнай бляхай, але не меў яшчэ тады дзвярэй, вокнаў і падлогі. Дакладная дата пачатку будаўніцтва новага касцёла невядомая. Але ён быў пабудаваны да вясны 1818 г., летам атынкаваны звонку, але ўнутры ніякія работы яшчэ не праводзіліся. Праўдападобна архітэктарам быў Джон Кларк і Іван Дзячкоў.

15 мая 1822 г., у Вялікую Суботу, з дазволу мітрапаліта Богуш-Сестранцэвіча касцёл быў асвечаны ксяндзом Мікалаем Лявіцкім пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У выніку рэпрэсій з боку савецкай улады ў 1937 г. быў арыштаваны і расстраляны апошні перадваенны пробашч гомельскай парафіі кс. Франц Чырскі. Тады ж быў закрыты касцёл, а ў 1940 г. яго цалкам знішчылі. Каталіцкае рэлігійнае жыццё спынілася на пяць дзесяцігоддзяў.

Адраджэнне рэлігійнага жыцця ў Гомелі пачалося ў 1989 г. з прыездам сюды з Польшчы кс. Славаміра Ляскоўскага. Першапачаткова вернікі збіраліся на малітву ў вартоўні на Навабеліцкіх могілках. Вернікі пачалі прасіць улады  аддаць ім будынак па адрасе вул. Савецкая 118, які ў той час належыў камбінату «Мастацтва», а раней гэта была праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы, пабудаваная на тэрыторыі Новікаўскіх могілак у 1896 г. на сродкі сялян. У 1990 г. улады перадалі вернікам будынак і ў 1994 г. пачалося будаўніцтва касцёла на месцы колішняй праваслаўнай капліцы. Новы касцёл асвяціў тагачасны Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі Кардынал Казімір Свёнтэк 9 снежня 2000 г.

  • Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

У 2000-х гг. пачалі з’яўляцца прапановы па адраджэнні парафіі з гістарычнай назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 12 снежня 2012 г. служэнне ў Гомелі распачаў тагачасны дапаможны біскуп, а зараз біскуп-эмерыт Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец ОР. Дзякуючы яму атрымалася адрадзіць парафію. Станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі рымска-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі было прынята на паседжанні Гомельскага гарвыканкама 21 лютага 2013 г. Месца, дзе раней знаходзіўся першы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, было занята праезджай часткай дарогі, таму парафія атрымала новую пляцоўку пад будову касцёла на ўскрайку горада, на скрыжаванні Рэчыцкага праспекта і вул. Аб’яздной.

15 жніўня 2018 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Казімір Велікаселец асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва аднайменнай.

Роўна а 15-й гадзіне, калі павінна было распачацца набажэнства, лівень шчодра паліў зямлю. Як знак Божага благаслаўлення вернікі ўспрынялі раптоўны дождж. Бог сам асвяціў гэта месца, упэўнены біскуп.

Гістарычная парафія аднаўляецца, і там, дзе ёсць вернікі, там павінна быць святая Імша, а яна павінна быць у святыні. Пытанне аб выдзяленні месца для будаўніцтва вырашалася амаль чатыры гады. І цяпер просім Пана аб тым, каб ён блаславіў гэтае месца, каб тут быў дом Божы, каб людзі маглі тут маліцца. Бо мэта нашага жыцця – шанаваць Бога, а Пан будзе нас дабраслаўляць. Бацькі любяць сваіх дзяцей, мы ўсе дзеці Пана, і Ён любіць нас, а на любоў трэба адказваць любоўю. Мы не адным хлебам жывем. Наша жыццё залежыць ад таго, як мы молімся. Адыдзем ад Бога – перастанем любіць адзін аднаго“. 

біскуп Казімір Велікаселец

  • Капліца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

У кастрычніку 2015 г. падчас аўдыенцыі з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці Папа Рымскі Францішак благаславіў краевугольны камень пад будаўніцтва новай каталіцкай святыні ў Гомелі. Папа ўласнаручна падпісаў акт блаславення вуглавога каменя, як знак апостальскага благаслаўлення ўсім жыхарам Гомеля, на долю якіх у апошнія дзесяцігоддзі выпалі цяжкія выпрабаванні.

16 лістапада 2018 г. біскуп Казімір Велікаселец асвяціў драўляную капліцу, дзе вернікі пачалі часова збірацца на малітву. У галоўным алтары капліцы знаходзіцца Гомельская ікона Маці Божай. Абраз адразу стаў карыстацца асаблівай пашанай сярод вернікаў Гомеля.  Гомельскі абраз з’яўляецца спісам абраза Маці Божай Снежнай. Абраз напісаны на палатне. Багародзіца трымае Дзіцятка Езуса на левай руцэ, падтрымліваючы яго правай. Позірк Дзіцяткі скіраваны крыху ўгару, да Маці; правая рука благаслаўляе, а левая трымае закрытую кнігу, на якой відаць крыж і надпіс “IHS” (Iesus Hominum Salvator – Езус, Збаўца людзей). На абраз ускладзена пазалочаная шата з каронамі, над якім змешчаныя дванаццяць срэбраных зорак.

  • Інтэр’ер капліцы

Гомельскі абраз Маці Божай набывае ўсё большую папулярнасць і пашану сярод вернікаў, якія атрымліваюць шматлікія ласкі. Гэтаму спрыяюць не толькі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і марыйныя набажэнствы ў капліцы, але і пешыя пілігрымкі з абразамі Маці Божай, арганізаваныя парафіяй.

24 снежня 2018 г. парафія была перададзена ў апеку айцоў Паўлінаў. Пробашчам быў прызначаны а. Леанард Адушкевіч.

Урачыстая закладка благаслаўлёнага Папам Рымскім Францішкам вуглавога каменя адбылася 26 жніўня 2023 г. падчас Св. Імшы, якую ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец. Па сённяшні дзень працягваецца будаўніцтва касцёла з чырвонай цэглы.

Малітва да Маці Божай Гомельскай

Маці Божая Гомельская, Найсвяцейшая Панна Марыя, просім будзь нашай дапамогай у зямным жыцці і выпрасі ў Пана Бога патрэбныя для нас дары Духа Святога, каб мы жылі ў святасці, сталі перад Богам з чыстай душой і дасягнулі вечнага шчысця ў Небе.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіцa! Амэн.

КРЫНІЦЫ:

У. Завальнюк, “Цудадзейныя абразы Маці Божай”, Мінск 2001.
У. Васькоў, “Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны. Гісторыя Гомельскага дэканата”, Мінск 2012.
Даведнік Пінскай дыяцэзіі, Пінск 2024.

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2025 Ордэн Паўлінаў у Беларусі