ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА МАЦІ БОЖАЙ НЯСТОМНАЙ ДАПАМОГІ

Першы ўспамін пра паселішча Карэлічы вядомы з 1395 г. і звязаны з паходам крыжакоў. На працягу стагоддзяў мястэчка змяніла не аднаго ўладальніка. Спачатку яно было ў вялікакняжаскім валоданні, потым належала Чартарыйскім, Абуховічам, з XVII ст. – Радзівілам. З 1828 г. мястэчкам валодалі князі Вітгенштэйны, а ў 1876 г. – княгіня Марыя Гогэнлоэ. Пасля яе смерці сям’я прадала маёнтак.

  • Графіня Яніна Путкамер Жалтоўская

 У 2-й пал. XIX ст. маёнтак Карэлічы перайшоў ва ўладанне роду Путкамераў. Апошняй уладальніцай маёнтку была Яніна графіня Путкамер Жалтоўская (19.07.1889-8.02.1968), якая выйшла замуж за графа Адама Жалтоўскага (4.12.1881-7.05.1958), польскага філосафа і дэпутата ў Сэйм ІІ склікання.

Адам Жалтоўскі быў прафесарам філасофіі ў познаньскім ўніверсітэце і там сям’я Жалтоўскіх праводзіла большасць году, а летам жылі ў Балценіках (сёння Воранаўскі раён). У Карэлічах на стала жыў адміністратар маёнтка, які ім кіраваў. У 1930 г. стары адміністратар памёр і графы Жалтоўскія знайшлі новага. У студзені 1932 г. у Карэлічы прыязджае новы адміністратар маёнтка – Юліян Сцібар-Мархоцкі. Разам з ім прыехалі яго жонка Ганна, дачка Ядзвіга (нар. 1924 г.) і Станіслаў (нар. 1926 г. ).

У сваіх успамінах Станіслаў апісвае стан маёнтака на момант прыезду ў Карэлічы:

«Дом быў нізкі – мураваны флігель памятаў XVIII стагоддзе. Сцены былі такія тоўстыя, што вясною, калі ўжо былі адчыненыя вокны, я клаўся ў вакне, і калі ледзьве вытыркаўся звонку нос, цалкам выцягнутыя ногі ляжалі яшчэ на падваконніку. Столі былі няроўнымі з прычыны шматкратнага недакладнага скрабання і мелі самыя розныя ўзоры. Перад сном, калі да іх прыглядаўся, бачыў там розныя вобразы. … Флігель быў доўгі і стаяў франтонам на захад. Перад ганкам з тоўстымі калонамі быў невялікі газон, густа зарослы старымі каштанамі, атачоны штыкетнікам, за ім пачынаўся падворак. Нашае жыллё размяшчалася ў паўднёвай часцы дома, з боку агароднага ўчастка, расцягнутага на паўднёвым схіле ўзгор’я. Перад вокнамі ад поўдня расла старая разложыстая яблыня, якая частавала нас дробнымі, але вельмі смачнымі позне-летнімі яблыкамі. Вясною, калі квітнела, галіны, абсыпаныя кветкамі, ўваходзілі проста ў вокны. Пад нашым жыллём быў двайны склеп, мураваны з вялікіх камянёў, з выхадам на гаспадарчы двор. За кухняй, у тым жа флігелі, месціўся наш курнік. Далей за ім жыў пан Банцарэвіч – загадчык сажалак і рыбалоўства, а за яго жыллём, на вяршыні падворку, месцілася сыраварня, у якой з маёнткавага малака выраблялі выдатныя сыры, званыя там літоўскімі. Сыраварню арэндаваў пан Давід Слуцкі – жыд з мястэчка».

  • Юліян, Ядзвіга, Станіслаў Сцібар-Мархоцкія і Слава Урублеўская перад сядзібай. Жнівень 1934 г.

«Так званы палац быў, уласна кажучы, вялікім драўляным домам з вельмі высокімі пакоямі і вялікімі вокнамі, з высокім ганкам і тэрасай-бліндажом каля яго. Бліндаж той быў пабудаваны нямецкім войскам падчас першай вайны, у час, калі стаяў у гэтых мясцінах фронт, а ў палацы месціўся нейкі штаб. У мірны час служыў як склеп. Палац быў зруйнаваны падчас бальшавіцкай вайны[1] і толькі ў адным крыле жыў кіраўнік – пан Мысліцкі, стары кавалер разам з маці, а таксама панна Кібілдзісаўна і адзін пакой служыў як гасцінны. Рэшта вымагала грунтоўнага рамонту. Палац той выбудаваў для сябе дзядзька пані Жалтоўскай – Путкамэр [Гіпаліт Путкамэр, каля 1861-31.12.1895 Вільня], які быў сухотнікам. Пагэтаму дом быў велічны, з высокімі пакоямі і вельмі цёплы і сухі. Стаяў на вяршыні ўзгор’я, прыкрыты ад усходу старым паркам, фронтам на захад, а ад поўдня вокны выходзілі на схіл пакрыты старым садам. Пазней палац быў адрамантаваны і часткова перабудаваны, пасля чаго мы ў яго перасяліліся».

Гісторыя касцёла ў Карэлічах неразрыўна звязана з тутэйшым маёнткам. Раней каталіцкай святыні  ў мястэчку не было. Тэрытарыяльна Карэлічы належалі да парафіі ў Нягневічах. У нядзелі з Нягневіч прыязджаў ксёндз Томаш Мілкоўскі (7.03.1906-1.02.1963) і адпраўляў св. Імшу ў школе, дзе на гэты час ставілі алтар у адным з класаў.

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі пачалі будаваць ў 1937 г. па праекце варшаўскага архітэктара Тэадора Буршэ як філіяльны парафіі Нягневічы па ініцыятыве і на сродкі ўладальнікаў маёнтка графаў Адама і Яніны Жалтоўскіх, адміністратара маёнтка Юліяна і Ганны Сцібор-Мархоцкіх, а таксама польскіх асаднікаў, што жылі ў наваколлі.  Пад будынак касцёла быў выдзелены пляц на пагорку пры парку. Касцёл быў збудаваны на працягу лета мулярамі з Івянца. Дах быў крыты гонтам, а толькі вежа бляхай. Частка дахавай канструкцыі была з дрэва, ахвяраванай Мечыславам Тукалам, тагачасным уладальнікам Бараціна. На вежы завесілі два званы ахвяраваныя Юліянам і Ганнай Сцібор-Мархоцкімі з надпісам, што гэта ахвяра ад іх дзяцей Ядзвігі і Станіслава Сцібор-Мархоцкіх. Пэўная асадніца падаравала сапраўдны персідскі дыван, стары, але ў добрым стане. Паклалі яго на прыступках алтара. Пан Расцішэўскі ахвяраваў вечную лямпку прад алтар і срэбныя імшальныя званочкі.

Тэадор Буршэ (Teodor Bursche; 31.05.1893 Згеж – 19.03.1965 Варшава) – сын пробашча евангеліцкай парафіі ў Згежы, вывучаў архітэктуру ў Імператарскай Акадэміі Мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Да 1939 г. працаваў выкладчыкам у Жаночай школе архітэктуры імя С. Ноакоўскага. Праектаваў пункты Корпусу Аховы Памежжа на ўсходніх межах міжваеннай Польшчы і будынкі для Евангеліцкага Касцёла Аугсбургскага веравызнання. У кастрычніку 1939 г. быў арыштаваны немцамі. У маі 1940 г. быў вывезены ў концлагер Заксенхаўзен, а адтуль 28 мая 1940 г. у концлагер Маўтхаўзен-Гузен. Быў вызвалены з лагеру амерыканскімі войскамі ў красавіку 1945 г. Пасля вайны працаваў у Аддзеле гістарычнай архітэктуры ва Упраўленні адбудовы Варшавы. Памёр на сухоты і быў пахаваны на евангеліцка-аўгсбургскіх могілках у Варшаве.

Станіслаў Сцібар-Мархоцкі ўспамінае:

«Восенню [21 лістапада] 1937 года ксёндз-дэкан Міхал Далецкі[2] з Навагрудка  асвяціў наш касцёл і адслужыў першую святую Імшу. Вясной 1938 г. ксёндз біскуп пінскі Казімір Букраба[3] урачыста кансэкраваў касцёл. З’ехалася тады мноства ксяндзоў і ваколічных жыхароў. Быў натоўп вайсковых асаднікаў і ўвогуле каталіцкага насельніцтва і, нават, праваслаўнага. Натуральна, былі панства Жалтоўскія. Урачыстая сустрэча кс. Біскупа адбывалася пры трыумфальнай браме, устаноўленай для гэтай мэты на вуліцы перад будынкам гміны. Былі натоўпы людзей з войтам, пробашчам, праваслаўным бацюшкам і рабінам. Мамуся прыбрала касцёл зеленню і кветкамі, але амаль у апошні момант пані Жалтоўская заявіла, што гэта так прасцецка выглядае бярэзіна і паслала аўтамабіль у Навагрудак, дзе выкупіла ўсе кветкі, якія знайшла і загадала іх паставіць вакол алтара. Таму стаялі вялікія снапы розных кветак ў вёдрах і лепей гэта зусім не выглядала».

  • Касцёл у Карэлічах. Здымак 1937-1939 гг.

1 кастрычніка 1938 г. рэктарам касцёла быў прызначаны кс. Валерыян Пончэк SAC (1909 – 2001). У дапамогу яму былі прысланы яшчэ два сабраты. Колькасць вернікаў дасягала ўжо амаль 400.

Кс. Валерыян Пончэк (ks. Walerian Pączek; 17.10.1909 Ліпінкі Крулеўске – 17.06.2001 Ліджэрвуд, ЗША) – першы і адзіны да 1939 г. пробашч у Карэлічах, у 1928 г. уступіў у Супольнасць Ксяндзоў Палатынаў у Алтажэве каля Варшавы, быў пасвечаны ў святары ў Познані 17.06.1934 г. Ад 1.10.1938 г. займаў пасаду пробашча ў Карэлічах і капэлана Корпуса Аховы Памежжа. З пачаткам савецкай інвазіі закончыў там сваю дзейнасць і прыбыў у Варшаву. Браў удзел у Варшаўскім паўстанні. Ад 1950 г. да смерці жыў і працаваў у ЗША.

Пасля ўваходу савецкай арміі касцёл быў зачынены 15 снежня 1939 г. Частка парафіянаў паспела выехаць у Польшчу, а частка была вывезена ў Сібір. Паводле архіўных дадзеных у 1946 г. у Карэлічах налічвалася яшчэ 200 чалавек каталіцкага веравызнання, а ў 1952 засталося толькі 30.

  • Звесткі пра карэліцкі касцёл на старонках інфармацыйнага выдання Пінскай дыяцэзіі “Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej w R.P. 1939”.

У 1946-1947 гг. у Карэлічы прыязджаў з Навагрудка кс. Алексы Вуек, езуіт, які перад вайноў быў пробашчам у Быцені.

Кс. Алексы Вуек SJ (ks. Aleksy Wujek SJ) – перад Другой Сусветнай вайной быў пробашчам у парафіі Быцень, у канцы ліпеня 1946 г. пасяліўся ў Навагрудку, дзе нёс душпастырскае служэнне пасля выезду ў Польшчу кс. А. Зянкевіча.  У першы год свайго побыту, кс. Алексы абслугоўваў 2 навагрудскія касцёлы (фарны і св. Міхала Арханёла) і 6 іншых касцёлаў і капліц, у якія ездзіў рэгулярна 4 разы на месяц: Мільковічы (300 чал.), Нягневічы (800 чал.), Уселюб (1500 чал.), Карэлічы (200 чал.), Варонча (800 чал.), Быцень (1800 чал.). Ад паловы 1947 г. савецкая ўлада забараніла ксяндзам займацца душпастырскай дзейнасцю (датычыла лічбы абслугоўваемых касцёлаў і рэгулярнасці даездаў), і ў снежні 1947 г. ён мог даязджаць толькі ў 3 касцёлы (Уселюб, Быцень, Варонча) адзін раз у месяц. У пачатку 1948 г. улады забаранілі ўвогуле выязджаць па-за ўласную парафію. У пачатку 1948 г. кс. Алексы быў перанесены ў вёску Лясная, аддаленай каля 100 км ад Навагрудка, і быў там зарэгістраваны як “служитель культа”.

  • Кс. Алексы Вуек з моладдзю ва Уселюбе. 1947 г.

Пасля Другой Сусветнай вайны будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад арганізацыі “Заготлён”. Карэліцкі райвыканкам пастановай ад 31 ліпеня 1952 г. вырашыў пераабсталяваць будынак касцёла пад раённую бібліятэку. Але гэты план не быў рэалізаваны і ў касцёле адкрылася віна-гарэлачная крама, а пазней прыёмны пункт шклатары.

У канцы 1980-х гадоў мясцовыя вернікі сталі змагацца за вяртанне касцёла.  І вось ужо 16 снежня 1990 г. кс. Антоні Дзям’янка, тагачасны пробашч у Навагрудку, а сёння біскуп Пінскай дыяцэзіі, служыць першую св. Імшу.

У 1991 годзе святыню вярнулі вернікам. У Карэлічы быў прызначаны кс. Казімір Велікаселец (пазней дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі), пад духоўнай апекай якога на той момант знаходзілася аж 9 парафій. Пад яго кіраўніцтвам пачаліся рамонт і рэстаўрацыйныя працы.

30 чэрвеня 1991 пробашчам адроджанай парафіі быў прызначаны кс. Тадэвуш Маркевіч, які служыў тут да 2 лістапада 1993 г.

Кс. Тадэвуш Маркевіч (Ks. Tadeusz Markiewicz) – нар. 4.04.1945 г. у Одржывоўку ў Польшчы, пасля заканчэння школы паступіў у Таварыства Хрыстусовае ў Познані. Пасля навіцыяту і заканчэнні першага курса навучання ў Таварыстве Хрыстусовым, звярнуўся ў Біскупскую Духоўную семінарыю Гданьскай архідыяцэзіі і быў прыняты на першы курс. Святарскае пасвячэнне прыняў 28 мая 1972 г. у Марыяцкай базіліцы ў Гданьску з рук біскупа Леха Качмарка. Будучы святаром працаваў у парафіях Гданьскай архідыяцэзіі, а ў 1991 г. вырашыў паехаць на місіі ў Беларусь. 30.06.1991 – 2.11.1993 гг. быў пробашчам у парафіях Карэлічы, Варонча і Мір. У сувязі з кепскім станам здароўя быў вымушаны пакінуць Беларусь і паехаць на лячэнне ў Мельбурн (Аўстралія). У 1994 г. быў пробашчам у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гданьску-Кеўпіне. Ад 27.06.1996 г. прабываў на лячэнні ў Доме апекі „ Złota Jesień” у Гданьску. Памёр 3 сакавіка 2011 г.

  • Кс. Тадэвуш Маркевіч (другі злева) перад касцёлам.

26 верасня 1992 г. біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і арцыбіскуп гданьскі Тадэвуш Гацлоўскі асвяцілі касцёл пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

20 верасня 1993 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч запрасіў Ордэн Паўлінаў для душпастaрскай дзейнасці ў парафіі. Пробашчамі тут былі а. Марэк Смея OSPPE, а. Януш Вітоўскі OSPPE, а з 2007 – а. Ежы Саковіч OSPPE.

Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры неакласіцызму з рысамі канструктывізму. Будынак уяўляе сабой падоўжана-восевую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляецца кубападобны аб’ём малітоўнай залы пад чатырохсхільным дахам, завершаны васьмігранай глаўкай з паўсферычным купалам. Апсіда паніжана, прамавугольная ў плане, з дзвюма закрыстыямі. Галоўны ўваход пазначаны аб’ёмам нартэкса-хораў з чатырохкалонным порцікам дарычнага ордара.

  • Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Здымак 2005 г.
  • Мемарыяльная табліца ад сям’і Адамскіх на памяць польскіх асаднікаў з Бяразаўца, якія бралі удзел у пабудове касцёла. 

Малады пробашч а. Ежы Саковіч з першых дзён сваёй паслугі ў Карэлічах пачынае рупліва працаваць з парафіянамі. Пачынаюцца рамонтныя працы ў касцёле і на прылеглай тэрыторыі, грунтоўна перабудоўваецца будынак кляштара. Вядуцца работы па аздабленні інтэр’ера касцёла. У 2018 г. пры касцёле паўстае будынак з катэхэтычным класам. 

Вакол касцёла і кляштара ствараюцца кветнікі з разнастайнымі раслінамі і дэкаратыўнымі кустамі, падабранымі з улікам гарманічнага іх спалучэння. 27 лістапада 2021 г. кс. бп Юрый Касабуцкі асвяціў алтар і абраз св. Ружы Лімскай, якая з’яўляецца апякункай садаводаў і агароднікаў. 

З 2010 г. аздобай касцёла з’яўляецца алтар, выразаны з дрэваў 1850-1855 гг. Намаганнямі пробашча а. Ежы Саковіча алтар быў перанесены з былога парафіяльнага касцёла ў Нягневічах. У цэнтры алтара знаходзілася фігура Беззаганнай Панны Марыі (цяпер знаходзіцца ў Пінску ў касцёле св. Бенэдыкта). У нашы дні ў галоўным алтары знаходзіцца абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Па баках алтара стаяць фігуры св. Юзафа і св. Францішка. Бочныя алтары прысвечаныя св. Ружы Лімскай і св. Паўлу Першаму Пустэльніку.

  • Св. Юзаф
  • Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі
  • Св. Францішак Асізскі

 

 

[1] Польска-савецкая вайна 1919-1921 – вайна паміж адроджанай Польшчай і СССР, якая імкнулася да захопу еўрапейскіх краін і ператварэння іх у савецкія рэспублікі, згодна з ідэалогіяй, дактрынай і праграмай партыі бальшавікоў. Вынікам вайны стала падпісанне Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921, паводле якога да Польшчы адыходзяць тэрыторыя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

[2]  Кс. Міхал Далецкі – дэкан, канонік, нарадзіўся ў 1884 г., атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1909 г. Пробашч парафіі ў Навагрудку, растраляны нацыстамі ў Навагрудку 31.07.1942. разам з іншымі 63-ма людзьмі, сярод якіх быў кс. Юзаф Кучынскі з Уселюба.

[3]  Кс. бп Казімір Букраба – (23.11.1885 Гродна – 6.05.1946 Лодзь), біскуп пінскі. 2.11.1909 г. быў пасвечаны ў святары ў Кракаве. У розны час служыў у Мінску, Пінску, Навагрудку і Брэсце. Падчас Другой Сусветнай вайны некалькі разоў быў арыштаваны і сядзеў у турме. 10.07.1932 г. стаў біскупам пінскай дыяцэзіі, прыняў біскупскую сакру 21 ліпеня ў Вільні з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. З-за ваеннх дзеянняў і змянення межаў быў вымушаны пакінуць сталіцу дыяцэзіі, з 1939 г. жыў у Львове, з 1942 – у Варшаве. У 1944 г. пераехаў у Лодзь, дзе жыў да смерці.

КРЫНІЦЫ:

“Памяць. Карэліцкі раён”, Мінск 2000.

А. М. Кулагін, “Каталіцкія храмы Беларусі”, Мінск 2008.

А. Т. Федорук, “Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район”, Минск 2013.

Larysa Mikhalik, „Kościół katolicki na Grodzińszczyźnie 1939-1956”, Warszawa 2008.

Marek Hałaburda, „Duchowieństwo diecezji Pińskiej (1925-1939)”, Kraków 2019.

Barbara Gromada CSFN, „Naznaczenie i wybór. Historia s. Małgorzaty Banaś dwunastej nazaretanki z Nowogródka”, Warszawa 2012.

Anna Czapska, Bursze Teodor, [у:] “Polski słownik biograficzny konserwatorów zabytków”, z. 2, Poznań,  2006.

Wspomnienia Stanisława Ścibor-Marchockiego. Сямейны архіў сям’і Рудзінскіх, пер. А. Самец.

Ks. Tadeusz Markiewicz (Ks. Tadeusz Markiewicz – Życiorysy – Artykuły – Archidiecezja Gdańska).

Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej w R.P. 1936, Pińsk 1936.

Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej w R.P. 1937, Pińsk 1937.

Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej w R.P. 1938, Pińsk 1938.

Spis kościołów i duchowieństwa diecezji pińskiej w R.P. 1939, Pińsk 1939.

Письмо уполномоченного в Минске к И. В. Полянскому в Москве, НАРБ, Ф. 952, воп. 2, спр. 7, арк. 157-158.

Занальны дзяржаўны архіў у Баранавічах. Ф. 571, воп.1, спр. 8, арк. 8, 10, 17, 18, 53.

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2022 Ордэн Паўлінаў у Беларусі